Сілюк
Т.С., Барташ А.Г.
Брэсцкі Дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна
Гандлёвыя сувязі Івацэвіцкага раёна
ў XVІ ст. –
пачатку ХХ ст.
Гандаль у XVІ ст. адпавядаў натуральным бытавым патрэбам жыхароў.
Унутраны рынак складаўся з разнастайных сялянскіх тавараў, што звозіліся на
мясцовыя базары (мёд, лой, саланіна, рыба, гарэхі, свінні, скуры, рагожы, сена,
бярвенне, смала, дзёгаць) і з нямногіх тавараў, разлічаных на аддалены збыт.
У І палове XVІ ст. змены, якія адбыліся ў Заходняй Еўропе – рост
караблебудавання і рост гарадскога насельніцтва – выклікалі ажыўлены попыт на
збожжа, лес, пяньку, лён, скуру. Таму футра і воск перастаюць іграць дамінуючую
ролю ў экспарце. Паўднёвы напрамак знешняга гандлю праходзіў праз Берасце. На
вядомы Люблінскі кірмаш везлі воск, футры, юхт, раменне, аброці, луб, радно і
інш. Тавар перавозіўся сухім шляхам, пераважна санным, у большасці выпадкаў
змяшчаўся на адным возе. Зрэдку прыходзілі 3–4 вазы аднаго купца. Свой
транспарт купцы фарміравалі за кошт мясцовага рынку. У мястэчках і сёлах яны
скуплялі мясцовыя вырабы, прадавалі прывазныя тавары.
Унутраны гандаль на
Івацэвіцкіх землях складаўся з: 1) гандлю ў корчмах і шынках; 2) скупкі ў сялян
хлеба, жывёлы і перапродаж іх перакупшчыкамі-яўрэямі ўзамен на гарэлку, жалеза,
тытунь; 3) кірмашоў у мястэчках; 4) дробных лавак. Мяшчанскі гандаль быў
дробным. У крамах можна было знайсці многія замежныя тавары.
На актывізацыю
гандлю ў XIX ст. значны ўплыў аказала
развіццё фабрычна-заводскай прамысловасці, асабліва суконнай, якая ўжо да 30-х
гадоў XIX ст. заняла на тэррыторыі
Івацэвіччыны надзейныя пазіцыі. Капіталістычныя прадпрыемствы паступова
перарасталі межы мясцовага рынку, павету, губерні і нават дзяржавы, што
вымушала іх шукаць выхады на знешні рынак. Так, на суконных фабрыках Ружан і
Косава выпускалі сукно, коўдры, якія знаходзілі попыт як на ўнутраным, так і на
знешнім рынках.
Знешні гандаль усё ж
быў даволі сціплы, бо яго поспехам перашкаджаў жахлівы стан шляхоў. Не было
ніводнай дарогі, па якой можна было б ажыццяўляць перамяшчэнне тавараў сухім
шляхам ва ўсялякую пару года. Бесперашкодна па ім можна было рухацца толькі
летам ці зімой
[1; с. 263].
Мясцовы гандаль
канцэнтраваўся на кірмашах і базарах, якія насілі сельскагаспадарчы характар,
мелі малыя гандлёвыя абароты – да 200–400 руб. Характэрнай рысай кірмашоў у
парэформенны перыяд стала значнае ўзрастанне ролі скупшчыкаў, якія засяродзілі
ў сваіх руках вясковы гандаль і вялі скупку сялянскай прадукцыі за наяўныя
грошы ці ў абмен на мыла, соль і інш. Таргі
ва ўсіх мястэчках і буйных вёсках на Івацэвіцкіх землях адбываліся звычайна 1–2
разы ў тыдзень. Найбольш значны кірмаш быў ў вёсцы Прыбарава, ён праходзіў 3
разы ў год па 2 тыдні. У 1817 г. у мястэчку Ружаны кірмашы адбываліся 3–4 разы
ў год, а ў 1859 г. – толькі 1 раз у год. У Косава ў 1859 г. праходзіла 6
кірмашоў і 1 – у Быцені 29 ліпеня. Усе названыя кірмашы адзначаліся нязначнымі
гандлёвымі абаротамі [1; с. 1076].
На пачатак ХХ ст. на
землях Івацэвіччыны назіраўся даволі шырокі спектр розных дробных лавак і крам.
Напрыклад, у Ружанах былі 2 харчэўні, лаўка па дробным гандлі мясам, 2 лаўкі па
гандлі драўлянымі будаўнічымі матэрыяламі, лаўка свінога сала і каўбасы, скупка
коней, скупка сырой скуры, магазін малочных прадуктаў. У Быцені – дробная лаўка,
магазін булак і печанага хлеба, гандаль кандытарскімі вырабамі, лаўка па гандлі
дражджамі, некалькі лавак глінянага посуду, лаўка па гандлі пісчабумажнымі і
канцылярскімі таварамі. У Косава – некалькі мясных лавак, гандаль дравамі,
харчэўня, пасрэдніцкая кантора па садзейнічанню эміграцыі ў Амерыку. Розныя
дробныя лаўкі існавалі паўсюдна: у Яглевічах, Магіліцах, Чамялах, Падстарыні,
Дабрынёва, Бусяжы, Дабрамыслі, Любішчыцах і інш. [2]. Гаспадарамі лавак былі ў
асноўным яўрэі. Гандлёвая дзейнасць прыносіла наступныя прыбыткі: 9% –ад скупкі
скур, 10 % – ад утрымання дробнай лаўкі, 12% – ад продажу глінянага посуду, 15
% – ад гандлю мясам і малочнымі вырабамі. Найбольш прыбытковай была
пасрэдніцкая кантора ў Быцені па садзейнічанню эміграцыі ў Амерыку, якая прыносіла
прыбытак у 60% (агульны абарот фірмы складаў 4000 руб., а прыбытак складаў 2400
руб.) [2]. Такія высокія паказчыкі дзейнасці можна растлумачыць адсутнасцю
канкурэнцыі. Трэба адзначыць, што ў абсалютных лічбах большасць купцоў мела
нязначныя гандлёвыя абароты (ад 900 да 2400 руб.) і прыбыткі (ад 180 да 240
руб.). Звычайна ў лаўцы працаваў сам уласнік, без наёмных рабочых.
На пачатку ХХ ст.
продаж лесу складаў важны напрамак як унутранага, так і знешняга гандлю, і меў
значныя аб’ёмы. Косаўскае лясніцтва ў 1907 г прадало лесу на 63 871 руб.,
Вядатупічыцкае – на 4307 руб., Ружанскае – на 90715 руб. Таксама
лясніцтвы здавалі ў арэнду сялянам лясныя сенакосы. Арандаваныя ўчасткі
складалі 18 дзесяцін 400 сажаняў, аброк за іх быў ад 42 да 54 рублёў у
залежнасці ад якасці сенакосу.
Такім чынам, можна
вызначыць некаторыя тэндэнцыі ў развіцці
гандлю на землях Івацэвіччыны з XVI
ст. да пач. ХХ ст.: 1) да сярэдзіны XVI ст. дамінуючае значэнне ў знешнім гандлі меў воск, у XVIІ ст. – лес, а ў XVIІІ ст. – лён, каноплі, пакулле. Мяшчанскі гандаль у ХVI–XVIІІ
ст.ст. быў дробным; 2) у ІІ палове
ХІХ ст. назіраецца пашырэнне сеткі стацыянарных крам і дробных лавак. На пач.
ХХ ст. на крамна-лавачны гандаль прыходзілася да 95 % усяго ўнутранага
абароту мястэчак; 3) значнае
развіццё ў ХІХ ст. атрымаў сельскагаспадарчы рынак: збожжавы, малочны,
жывёлагадоўчы; 4) пашырэнню
гандлёвых сувязяў спрыяла ўдасканаленне транспартнай сістэмы, насычанасць яе
гужавымі дарогамі і суднаходнымі рэкамі, будаўніцва Палескіх чыгунак, якія пачалі
дзейнічаць у 80-я гг. XIX
ст.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1.
Бобровcкий П.О. Материалы для географии и статистики России.
Гродненская губерня. – СПтб. : Типография И. Огризко, 1863. – С. 138.
2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Фонд 1017. – Воп.1. – Спр.2.
Кніга прадпрыемстваў па дадатковых раскладках прамысловага падатку за 1911–1913
гг.