Сілюк Т.С., Барташ А.Г.

Брэсцкі Дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна

Гандлёвыя сувязі Івацэвіцкага раёна

ў XVІ ст. – пачатку ХХ ст.

Гандаль у XVІ ст. адпавядаў натуральным бытавым патрэбам жыхароў. Унутраны рынак складаўся з разнастайных сялянскіх тавараў, што звозіліся на мясцовыя базары (мёд, лой, саланіна, рыба, гарэхі, свінні, скуры, рагожы, сена, бярвенне, смала, дзёгаць) і з нямногіх тавараў, разлічаных на аддалены збыт.

У І палове XVІ ст. змены, якія адбыліся ў Заходняй Еўропе – рост караблебудавання і рост гарадскога насельніцтва – выклікалі ажыўлены попыт на збожжа, лес, пяньку, лён, скуру. Таму футра і воск перастаюць іграць дамінуючую ролю ў экспарце. Паўднёвы напрамак знешняга гандлю праходзіў праз Берасце. На вядомы Люблінскі кірмаш везлі воск, футры, юхт, раменне, аброці, луб, радно і інш. Тавар перавозіўся сухім шляхам, пераважна санным, у большасці выпадкаў змяшчаўся на адным возе. Зрэдку прыходзілі 3–4 вазы аднаго купца. Свой транспарт купцы фарміравалі за кошт мясцовага рынку. У мястэчках і сёлах яны скуплялі мясцовыя вырабы, прадавалі прывазныя тавары.

Унутраны гандаль на Івацэвіцкіх землях складаўся з: 1) гандлю ў корчмах і шынках; 2) скупкі ў сялян хлеба, жывёлы і перапродаж іх перакупшчыкамі-яўрэямі ўзамен на гарэлку, жалеза, тытунь; 3) кірмашоў у мястэчках; 4) дробных лавак. Мяшчанскі гандаль быў дробным. У крамах можна было знайсці многія замежныя тавары.

На актывізацыю гандлю ў XIX ст. значны ўплыў аказала развіццё фабрычна-заводскай прамысловасці, асабліва суконнай, якая ўжо да 30-х гадоў XIX ст. заняла на тэррыторыі Івацэвіччыны надзейныя пазіцыі. Капіталістычныя прадпрыемствы паступова перарасталі межы мясцовага рынку, павету, губерні і нават дзяржавы, што вымушала іх шукаць выхады на знешні рынак. Так, на суконных фабрыках Ружан і Косава выпускалі сукно, коўдры, якія знаходзілі попыт як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.

Знешні гандаль усё ж быў даволі сціплы, бо яго поспехам перашкаджаў жахлівы стан шляхоў. Не было ніводнай дарогі, па якой можна было б ажыццяўляць перамяшчэнне тавараў сухім шляхам ва ўсялякую пару года. Бесперашкодна па ім можна было рухацца толькі летам ці зімой [1; с. 263].

Мясцовы гандаль канцэнтраваўся на кірмашах і базарах, якія насілі сельскагаспадарчы характар, мелі малыя гандлёвыя абароты – да 200–400 руб. Характэрнай рысай кірмашоў у парэформенны перыяд стала значнае ўзрастанне ролі скупшчыкаў, якія засяродзілі ў сваіх руках вясковы гандаль і вялі скупку сялянскай прадукцыі за наяўныя грошы ці ў абмен на мыла, соль і інш.  Таргі ва ўсіх мястэчках і буйных вёсках на Івацэвіцкіх землях адбываліся звычайна 1–2 разы ў тыдзень. Найбольш значны кірмаш быў ў вёсцы Прыбарава, ён праходзіў 3 разы ў год па 2 тыдні. У 1817 г. у мястэчку Ружаны кірмашы адбываліся 3–4 разы ў год, а ў 1859 г. – толькі 1 раз у год. У Косава ў 1859 г. праходзіла 6 кірмашоў і 1 – у Быцені 29 ліпеня. Усе названыя кірмашы адзначаліся нязначнымі гандлёвымі абаротамі [1; с. 1076].

На пачатак ХХ ст. на землях Івацэвіччыны назіраўся даволі шырокі спектр розных дробных лавак і крам. Напрыклад, у Ружанах былі 2 харчэўні, лаўка па дробным гандлі мясам, 2 лаўкі па гандлі драўлянымі будаўнічымі матэрыяламі, лаўка свінога сала і каўбасы, скупка коней, скупка сырой скуры, магазін малочных прадуктаў. У Быцені – дробная лаўка, магазін булак і печанага хлеба, гандаль кандытарскімі вырабамі, лаўка па гандлі дражджамі, некалькі лавак глінянага посуду, лаўка па гандлі пісчабумажнымі і канцылярскімі таварамі. У Косава – некалькі мясных лавак, гандаль дравамі, харчэўня, пасрэдніцкая кантора па садзейнічанню эміграцыі ў Амерыку. Розныя дробныя лаўкі існавалі паўсюдна: у Яглевічах, Магіліцах, Чамялах, Падстарыні, Дабрынёва, Бусяжы, Дабрамыслі, Любішчыцах і інш. [2]. Гаспадарамі лавак былі ў асноўным яўрэі. Гандлёвая дзейнасць прыносіла наступныя прыбыткі: 9% –ад скупкі скур, 10 % – ад утрымання дробнай лаўкі, 12% – ад продажу глінянага посуду, 15 % – ад гандлю мясам і малочнымі вырабамі. Найбольш прыбытковай была пасрэдніцкая кантора ў Быцені па садзейнічанню эміграцыі ў Амерыку, якая прыносіла прыбытак у 60% (агульны абарот фірмы складаў 4000 руб., а прыбытак складаў 2400 руб.) [2]. Такія высокія паказчыкі дзейнасці можна растлумачыць адсутнасцю канкурэнцыі. Трэба адзначыць, што ў абсалютных лічбах большасць купцоў мела нязначныя гандлёвыя абароты (ад 900 да 2400 руб.) і прыбыткі (ад 180 да 240 руб.). Звычайна ў лаўцы працаваў сам уласнік, без наёмных рабочых.

На пачатку ХХ ст. продаж лесу складаў важны напрамак як унутранага, так і знешняга гандлю, і меў значныя аб’ёмы. Косаўскае лясніцтва ў 1907 г прадало лесу на 63 871 руб., Вядатупічыцкае – на 4307 руб., Ружанскае – на 90715 руб. Таксама лясніцтвы здавалі ў арэнду сялянам лясныя сенакосы. Арандаваныя ўчасткі складалі 18 дзесяцін 400 сажаняў, аброк за іх быў ад 42 да 54 рублёў у залежнасці ад якасці сенакосу.

Такім чынам, можна вызначыць некаторыя тэндэнцыі ў развіцці гандлю на землях Івацэвіччыны з XVI ст. да пач. ХХ ст.: 1) да сярэдзіны XVI ст. дамінуючае значэнне ў знешнім гандлі меў воск, у XVIІ ст. – лес, а ў XVIІІ ст. – лён, каноплі, пакулле. Мяшчанскі гандаль у ХVIXVIІІ ст.ст. быў дробным; 2) у ІІ палове ХІХ ст. назіраецца пашырэнне сеткі стацыянарных крам і дробных лавак. На пач. ХХ ст. на крамна-лавачны гандаль прыходзілася да 95 % усяго ўнутранага абароту мястэчак; 3) значнае развіццё ў ХІХ ст. атрымаў сельскагаспадарчы рынак: збожжавы, малочны, жывёлагадоўчы; 4) пашырэнню гандлёвых сувязяў спрыяла ўдасканаленне транспартнай сістэмы, насычанасць яе гужавымі дарогамі і суднаходнымі рэкамі, будаўніцва Палескіх чыгунак, якія пачалі дзейнічаць у 80-я гг. XIX ст.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Бобровcкий П.О. Материалы для географии и статистики России. Гродненская губерня. – СПтб. : Типография И. Огризко, 1863. – С. 138.

2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Фонд 1017. – Воп.1. – Спр.2. Кніга прадпрыемстваў па дадатковых раскладках прамысловага падатку за 1911–1913 гг.