А.В. Макарэвіч (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна)

 

УСТАРЭЛЫЯ ГЕРМАНІЗМЫ Ў МОЎНАЙ ПРАСТОРЫ БЕЛАРУСІ

 

Запазычаныя словы з’яўляюцца часткай лексічнага складу сучаснай беларускай мовы. Каля 25 тысяч такіх назваў зарэгістраваў вядомы мовазнаўца А.Булыка ў “Слоўніку іншамоўных слоў” (1999). Гэты даведнік з’яўляецца самым поўным лексікаграфічным выданнем, у якім падаюцца іншамоўныя найменні.

У “Слоўніку іншамоўных слоў” (далей – СІСБ) адлюстраваны таксама ўстарэлыя лексічныя адзінкі (больш за 1100), запазычаныя з розных моў, напрыклад: грэчаскай (гетэра ‘адукаваная незамужняя жанчына ў Старажытнай Грэцыі, якая вяла свабодны, незалежны спосаб жыцця’, сандалі ‘абутак старажытных грэкаў і рымлян у выглядзе драўлянай або скураной падэшвы, якая прымацоўвалася да нагі раменьчыкамі’, фаланга ‘шчыльна самкнуты строй пяхоты і конніцы ў Старажытнай Грэцыі і Македоніі’ ды інш.), лацінскай (дуумвірат ‘супольнае кіраванне дуумвіраў у старажытнарымскіх калоніях і гарадах’, дыспазіцыя ‘пісьмовы загад войскам на бой або на марш у рускай арміі 18-19 ст.’, фактар уст. пасрэднік, камісіянер’ ды інш.), французскай (гардэмарын ‘званне выхаванцаў старэйшых рот марскога кадэцкага корпуса, а таксама чын (ніжэйшы за мічмана) у ваенна-марскім флоце Расіі ў 1716-1917 гг.’, рэстарацыя уст. тое, што і рэстаран’), італьянскай (дага ‘кароткая шабля для рукапашнага бою ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе, Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім’, кандацьер ‘кіраўнік наёмнага вайсковага атрада ў сярэдневяковай Італіі’), іспанскай (гарота ‘прылада катавання ў сярэдневяковай Іспаніі і Партугаліі ў выглядзе абруча, які надзяваўся на шыю і сцягваўся вінтом’, дура ‘старадаўняя іспанская сярэбраная манета, роўная 20 рэалам, якая чаканілася ў 13-19 ст.’) ды і інш.

Значную частку архаічных запазычанняў складаюць германізмы. Падчас аналізу выяўлена, што гэтыя найменні (больш за 200 лексем), якія адлюстроўваюць палітычны, эканамічны лад розных перыядаў Беларусі і замежных краін, адзначаюць характэрныя з’явы грамадскага жыцця і быту ў мінулым, зарэгістраваны ў “Слоўніку іншамоўных слоў” пры дапамозе наступных лексікаграфічных прыёмаў.

1.     Суправаджэнне слоўнікавых артыкулаў паметай ‘уст.’ (у слоўнікавым артыкуле каментарыяў няма), напрыклад: дзюза (ням. Düse) – уст. ‘сапло для распырсквання вадкасці’; лозунг (рус. лозунг, ад ням. Losung) – уст. ‘пароль’; рум (ст.-польск. rum, ад с.-в.-ням. rûm) – уст. ‘месца пагрузкі; вольнае месца’; фехмайстар (ням. Fechtmeister) – уст. ‘настаўнік фехтавання’ ды інш.

2.     Увядзенне ў слоўнікавыя артыкулы храналагічных каментарыяў, зрэдку з дадатковым указаннем якасна-часавага характару (памет няма), да прыкладу: гміна (польск. gmina, ад ням. Gemeinde) – ‘самая дробная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг., а таксама адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі’; штатгальтэр (ням. Statthalter) – ‘1) намеснік манарха ў Нідэрландах у 15-16 ст.; 2) галава выканаўчай улады ў Галандыі да канца 18 ст.; 3) правіцель вобласці ў Германіі да 1918 г.’; юнкер (ням. Junker) – ‘1) выхаванец ваеннага вучылішча, якое рыхтавала афіцэраў у царскай Расіі; 2) памешчык у былой Прусіі’ ды інш.

Элементы тлумачэння назваў тыпу ‘у старажытнай Русі’, ‘у сярэдневяковай Еўропе’, ‘на Беларусі і Літве ў 15-19 ст.’, ‘у феадальнай Польшчы’ і да т.п. рэпрэзентуюць адпаведны матэрыял для гістарычнага асэнсавання слоў, іх значэнняў, таму аднесенасць лексем да катэгорыі гістарызмаў у гэтай групе праяўляецца больш выразна, чым у папярэдняй, нягледзячы на адсутнасць памет.

Храналагічныя каментарыі ў СІСБ дапамагаюць у большасці выпадкаў вызначыць гістарычную перспектыву ўжывання слоў: ‘у Вялікім Княстве Літоўскім’, ‘у Заходняй Еўропе ў перыяд сярэдневякоўя’, ‘у Франкскай дзяржаве’, ‘у сярэдневяковай Германіі’ і да т.п.

3.     Характарыстыка гістарызмаў шляхам выкарыстання гістарычнага каментарыя і адначасова храналагічнай паметы ‘уст.’, напрыклад: ахмістрыня (ад ахмістр) – уст. ‘жанчына, якая вяла гаспадарку ў багатым доме; аканомка’, фальварак (польск. folwark, ад ням. Vorwerk) – ‘2. уст. невялікая панская сядзіба, хутар’, экзерцыргаўз (ням. exerzierhaus) – ‘уст. будынак, у якім адбывалася страявое навучанне салдат’ ды інш.

4.     Выкарыстанне адсылачных каментарыяў.

Адпаведная група адзінак, змешчаных у даведніку без памет і храналагічных каментарыяў у тлумачэнні значэнняў слова, выяўляе сваю належнасць да катэгорыі гістарызмаў на падставе адсылачных азначэнняў да загалоўнага слова ў СІСБ, да прыкладу: гетманства – ‘праўленне, улада гетмана’, гетман (польск. hetman< чэш. hejtman,  ад с.-в.-ням. houbetman) – ‘1) камандуючы войскамі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы (16-18 ст.); 2) начальнік казацкага войска на Украіне (16-17 ст.)’.

Найбольш выразна гістарызмы фіксуе ўніверсальная памета ‘гіст.’ (гістарызм), фармальны статус якой у цэлым вызначаны: яна ўжываецца пры асноўных словах рэестра і вытворных або толькі пры вытворных, калі асноўныя рэестравыя словы змяшчаюць гістарычныя каментарыі, што вынікаюць з энцыклапедычнага характару тлумачэння. Напрыклад: барва (польск. barwa, ад с.-в.-ням. varwe) – гіст. ‘форменнае адзенне (мундзір, ліўрэя) у Вялікім Княстве Літоўскім’, мыта (польск. myto, ад ст.-в.-ням. mûta) – гіст. ‘пошліна за правоз тавараў цераз граніцу ці па тэрыторыі дзяржавы’, паштмайстар (ням. Postmeister) – гіст. ‘кіраўнік паштовай канторы’ і інш.

Паводле агульнапрынятай у мовазнаўстве класіфікацыі, архаізмы пазначаюцца паметай ‘уст.’ – устарэлае. Аднак у СІСБ пры тлумачэнні асобных устарэлых лексем гэтая памета адсутнічае. Выкарыстанне ў слоўнікавым артыкуле слоў ‘устарэлая’, ‘даўнейшая’ дазваляе лічыць такія назвы архаізмамі, напрыклад: гута (польск. huta, ад ням. Hutte) – ‘даўнейшая плавільня, шклозавод’, ландкарта (ням.Landkarte) – ‘даўнейшая назва геаграфічнай карты’, шталмайстар (ням.Stallmeister) – ‘2. устарэлая назва рэжысёра манежа, які вядзе цыркавую праграму’ і інш.