Рынейская В.М., Раманоўскi I.В., Барысевiч С.М.

Установа адукацыі  «Беларускi дзяржаўны медыцынскi ўнiверсiтэт»

Роля куратараў кафедры бiяарганiчнай хiмii БДМУ ў адаптацыi студэнтаў-першакурснiкаў

        

Адукацыя - ня толькі навучанне ў плане набыцця ведаў, уменняў, навыкаў, а перш за ўсё выхаванне і развіццё асобы. Неабходным складнікам выхаваўча-адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыi з'яўляецца iнстытут куратарства. .
          Адна з важнейшых выхаваўчых задач любой установы адукацыі - праца са студэнтамі першага курса, накіраваная на іх больш хуткую і паспяховую адаптацыю да ўмоў навучання і сацыяльных адносінаў, якія адметныя для вышэйшай школы. Традыцыйна істотную ролю ў вырашэнні гэтай педагагічнай задачы адводзяць куратарам акадэмічных груп. Куратар з'яўляецца ключавым звяном у працы са студэнтамі першага курса па іх адаптацыі да новага выхаваўча-адукацыйнага асяроддзя і з'яўляецца сувязным элементам паміж адміністрацыяй установы і студэнцкай групай, паміж педагагічным і студэнцкім калектывамі.

Найбольш актуальнымі і канкрэтнымі задачамі выхаваўчай дзейнасці нашай кафедры, якая курыруе студэнтаў 1 курса медыка-прафілактычнага факультэта, з'яўляюцца наступныя.

1. Фарміраванне якасцяў асобы, неабходных для эфектыўнай прафесійнай дзейнасці. Знаёмства з прафесіяй у студэнтаў-першакурснікаў штогод пачынаецца з наведвання Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі (РНМБ), дзе праводзіцца экскурсія па залах і арганізацыя запісвання ў бібліятэку, а таксама - наведвання Музея гісторыі медыцыны. Дапамогу ў арганізацыі экскурсіі нам аказвае намеснік дырэктара бібліятэкі па навукова-метадычнай рабоце.

Супрацоўнік бібліятэкі праводзіць экскурсію па залах і распавядае, што РНМБ выконвае функцыі нацыянальнага сховішча літаратуры і рэспубліканскага дэпазітарыя літаратуры па медыцыне, з'яўляецца каардынацыйным цэнтрам ўсіх медыцынскіх бібліятэк краіны, цэнтрам бібліяграфічнага і інфармацыйнага абслугоўвання спецыялістаў у галіне аховы здароўя. У бібліятэцы сабраны унікальны фонд, які налічвае больш за 900 000 асобнікаў, прадстаўленых як у традыцыйным выглядзе, так і на электронных носьбітах. Тут створаны добрыя ўмовы для працы: прасторныя і светлыя чытальныя залы, сучасны ўзровень пошуку інфармацыі, падрыхтаваныя кансультанты, добра наладжаная праца ўсіх аддзелаў. Студэнтаў знаёмяць з правіламі работы ў залах бібліятэкі, яны атрымліваюць навыкі самастойнага пошуку інфармацыі, а на ўсе пытанні - вычарпальныя адказы кансультантаў. Для студэнтаў важным і цікавым з'яўляецца тое, што рыхтавацца да заняткаў, да даследчай працы і дакладаў у навуковым гуртку можна не толькі ў бібліятэцы БДМУ або з дапамогай Інтэрнэту, але і ў рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы.

У будынку РНМБ знаходзіцца рэспубліканскі Музей гісторыі медыцыны. Экскурсія, якая праводзіцца для студэнтаў у музеі, паказвае станаўленне і ўдасканаленне лячэбнай дзейнасці ў нашай краіне, знаёміць з вядомымі дзеячамі айчыннай аховы здароўя. Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікае раздзел, які прысвечаны станаўленню і развіццю санітарна-гігіенічнай службы Рэспублікі Беларусь, гісторыі медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ.
          Калі мы арганізуем наведванне галоўных нацыянальных крыніц медыцынскіх ведаў, то спадзяемся, што такія мерапрыемствы спрыяюць фарміраванню ў студэнтаў зацікаўленасці і патрэбы ў самаразвіцці, станаўленню прафесійна значных якасцяў.

Для вырашэння гэтай задачы кафедрай таксама праводзяцца штогадовыя пазнавальныя экскурсіі першакурснікаў у лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і лабараторыі Навукова-даследчай часткі БДМУ. Па водгуках студэнтаў [2,3] «экскурсіі такога тыпу для студэнтаў медыка-прафілактычнага факультэта вельмі важныя, бо дазваляюць зразумець высокі ўзровень дыягностыкі інфекцыйных захворванняў у нашай краіне і тое, што ён патрабуе спецыялістаў высокай кваліфікацыі ў розных галінах ведаў: хіміі , малекулярнай біялогіі, анатоміі, фізіялогіі і інш.».

Выкладчыкі кафедры прыцягваюць студэнтаў куратарскіх груп да навукова-даследчай дзейнасці медыка-біялагічнага і экалагічнага кірункаў.

2. Выхаванне ў студэнтаў грамадзянскай пазіцыі і патрыятычнай свядомасці. Больш за палову нашых студэнтаў не з`яўляюцца жыхарамі сталіцы. Яны з цікавасцю знаёмяцца з горадам, у якім яны правядуць студэнцкія гады, з яго гісторыяй, музеямі, тэатрамі. Пешаходную экскурсію «Сцяжынкi старога Мiнска» пад кіраўніцтвам куратараў рыхтуюць і праводзяць студэнты-мінчане [4]. Потым на куратарскіх гадзінах іншагароднія студэнты распавядаюць аб гісторыі, славутых мясцінах і выдатных людзях сваіх гарадоў і мястэчак, суправаджаюць аповяд прэзентацыяй.

Куратары знаёмяць студэнтаў з навінкамі беларускай літаратуры (Плыткевіч С. «Нечаканая Беларусь», Дзеружынскі В. «Таямніцы беларускай гісторыі" і інш.)

3. Выхаванне здаровага ладу жыцця.

Супрацоўнікамі кафедры падрыхтаваны тэматычны стэнд, праводзяцца гутаркі са студэнтамі аб правільнай арганізацыі рэжыму працы і адпачынку, аб правільным харчаванні, арганізуюцца фізкультурныя паузы ў перапынках заняткаў па біяарганічнай хіміі.

Спіс  літаратуры

1.     Борисевич С.Н. / Знакомство с источниками современных и исторических медицинских знаний, Веснiк БДМУ, 21.05.2012, № 10, с.1

2.     Максимович А.В. / Какую выбрать специализацию? Веснiк БДМУ, 9.03.2011, № 10, с.3

3.     Римашевская В.В./  Познавательная экскурсия. Веснiк БДМУ, 11.01.2013, № 1, с.4

4.     Сычэвiч А.Г. /  Сцяжынкамi старога Мiнска. Веснiк БДМУ, 28.10.2013, № 20, с.3